ВІЛЬГЕ́ЛЬМ І
(Wilhelm; 22.3.1797, Берлін — 9.3.1888),
прускі кароль [1861—88] і герм. імператар [1871—88]. З дынастыі Гогенцолернаў. Сын Фрыдрыха Вільгельма III. Прафес. ваенны, ген. ад інфантэрыі (1840). Удзельнічаў у вайне 1814—15 кааліцыі еўрап. дзяржаў супраць напалеонаўскай Францыі. Пасля ўступлення на прускі прастол бяздзетнага старэйшага брата Фрыдрыха Вільгельма IV атрымаў тытул прынца (1840). Кіраваў задушэннем Бадэнска-Пфальцкага паўстання 1849. Ваен. губернатар Рэйнскай вобл. і Вестфаліі (з кастр. 1849). У 1858—61 рэгент пры псіхічнахворым Фрыдрыху Вільгельме IV, пасля яго смерці (2.1.1861) кароль. У 1867—71 прэзідэнт Паўночнагерманскага саюза. У час праўлення Вільгельма І актыўную ролю ў кіраванні дзяржавай адыгрываў прызначаны ім у 1862 прускі прэм’ер-міністр (у 1871 пасля аб’яднання герм. зямель у адзіную імперыю выбраны яе рэйхсканцлерам) О. фон Бісмарк.
т. 4, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)